У перыяд паміж Х і ХІ з'ездамі газета "Наша слова" выходзіла штотыднёва, накладам 2000 асобнікаў, аб'ёмам 4 паласы. Фармат А-3. Адзін колер. Некалькі разоў мы павялічвалі аб'ём з нагоды пэўных памятных датаў і юбілеяў (4 сакавіка 2009 г. - 900-ты нумар, 17 сакавіка 2010 г. - "Нашаму слову" 20 гадоў, 2 лютага 2011 г. - 1000-ны нумар). Некалькі разоў былі затрымкі нумароў на 1-3 дні, у выпадках адхілення ад графіку друку. Газета ўключалася ў каталогі падпіскі "Белпошты", прадавалася ў шапіках "Саюздруку" Гарадзенскай вобласці і трох гарадоў Берасцейскай вобласці.
І я хацеў бы пачаць даклад з выказвання падзякі Лідскаму райвыканкаму, Гарадзенскаму аблвыканкаму і Магілёўскаму аблвыканкам, "Белпошце" і "Саюздруку" за самую сур'ёзную падтрымку ў выданні і распаўсюджанні газеты "Наша слова", а таксама Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за рэгулярную фінансавую падтрымку. Таксама я хачу выказаць падзяку ўсім ахвярадаўцам, якія сваімі не лішнімі тысячамі падрымлівалі ТБМ і газету, і ўсім аўтарам, якія пішуць у газету без усякіх ганарараў.
Асаблівую падзяку хачу сказаць старшыні ТБМ Алегу Трусаву, які пастаянна зайходзіў сродкі для падтрымкі газеты.
Выхад газеты арганізоўваўся і фінансаваўся Установай інфармацыі "Выдавецкі дом ТБМ", якая знаходзіцца па адрасу: 231293, Гарадзенская вобл., Лідскі р-н, в. Даліна. З нагоды такога свайго размяшчэння УІ "Выдавецкі дом ТБМ" уваходзіць у Асацыяцыю выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыі".
18 снежня 2009 года газета "Наша слова" прайшла чарговую перарэгістрацыю і была зарэгістравана ў дзяржаўным рэестры сродкаў масавай інфармацыі за № 908.
На працягу трох гадоў газета друкавала самыя розныя матэрыялы. Асабліва шмат увагі ўдзялялася перапісцы кіраўніцтва ТБМ з рознымі ўладнымі структурамі, а так-сама юбілейным датам найвыбітнейшых дзеячоў нашай гісторыі і сучаснасці. Усе тры гады мы пачыналі з друку гістарычнага каляндара, які складаў супрацоўнік "Беларускага гістарычнага часопіса" Сымон Барыс і народнага каляндара, які рыхтаваў Алесь Лозка. І менавіта нашыя каляндары, нягледзечы на іхнюю немаляўнічасць, віселі і вісяць у офісах многіх грамадскіх арганізацый арыентырамі для дзейнасці. Магчыма, мы і лішку ўвагі ўдзяляем юбілейным датам, але, як мне падаецца, у такім фармаце і такім аб'ёме падобнай работы не робіць ні адно выданне, а нацыянальная памяць - гэта вельмі важны кірунак усёй нашай дзейнасці.
Мы друкавалі планы дзейнасці ТБМ, справаздачы кіраўніцтва, справаздачы кіраўнікоў рэгіянальных арганізацый, інфармацыю пра ўсебеларускія акцыі, напрыклад: агульнанацыянальная дыктоўка, беларускае пяціборства, конкурс "Беларускі настаўнік года", 600-годдзе Грунвальда, асвятлялі дзейнасць арганізацый з усёй краіны (Віцебск, Полацк, Наваполацк, Магілёў, Дварэц, Баранавічы, Слонім, Пружаны, Гародня, Ліда і інш.) і замежжа (Вільня, Прыбайкалле, Севастопаль, Беласточчына) і г.д.
Мы штоквартальна друкуем вынікі падпіскі па раёнах, і ўсе бачаць, які стан з падпіскай. Сёння мы стаім на ўзроўні 900 асобнікаў. Мы трымалі ўвесь час нізкую цану, каб газета была больш даступнай. На жаль, на першы квар-тал 2012 года чакаецца рост цаны. Але мы таксама чакаем што з 1 снежня 2011 г. або з 1 студзеня 2012 года газета стане 8-мі палоснай. У гэтым кірунку зроблены пэўныя захады.
Рэгулярна асвятлялася дзейнасць"Белпошты" па прапагандзе беларушчыны, праца менскіх хлебазаводаў па беларускай маркіроўцы тавараў, праца беларускіх аграсядзібаў, рэкламаваліся беларускія выданні, у т.л. "Еўраграматыкі" і інш.
Быў надрукаваны шэраг навукова-папулярных артыкулаў, у тым ліку артыкулы пра беларускіх астраномаў Леаніда Лаўрэша "Марцін Пачобут-Адляніцкі", "Ян Снядэцкі", "Вітольд Карлавіч Цэраскі", "Ціхаў Гаўрыіл Андры-янавіч", а таксама "Паўстанне 1831 года" і іншыя краязнаўчыя матэрыялы. Рэгулярна друкаваліся мовазнаўчыя абразкі прафесара Паўла Сцяцко ў агульнай рубрыцы "Мовазнаўчы досвед" і артыкулы прафесара Івана Лепешава. У газеце выступалі відныя беларускія навукоўцы, гісторыкі, краязнаўцы, дактары і кандыдаты навук.
Друкавалі асобныя літаратурныя творы.
З друкам вялікіх пазнавальных і навуковых матэрыялаў былі пэўныя праблемы з-за недахопу плошчы, але калі газета стане 8-мі палоснай, гэтыя праблемы здымуцца.
З 2-га квартала 2009 года (8 красавіка) газета мае штрых-код. За яго хуткае атрыманне выказваем падзяку амбасадзе Францыі.
Ад 7 ліпеня 2010 года да прозвішча і імя рэдактара ў выхадных дадзеных дадалося імя па бацьку. Зроблена гэта на патрабаванне Міністэрства інфармацыі. УІ "Выдавецкі дом ТБМ" атрымала пісьмовае папярэджанне за адсутнасць імя па бацьку рэдактара ў часопісе "Лідскі летапісец" (там былі і іншыя прэтэнзіі), і мы ўжо не сталі чакаць пакуль пап-ярэдзяць яшчэ і за "Наша слова". Такім чынам, юрыдыч-на "Наша слова" папярэджан-няў не мае, але выканаць патра-баванне мы былі павінны.
З 4 па 7 траўня 2010 года газета "Наша слова" прымала ўдзел у выставе "СМІ ў Беларусі". У выставе мы ўдзе-льнічалі ў складзе Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы "Аб'яднаныя МасМедыі". У 2011 годзе Асацыяцыя да выставы дапушчана не была, быццам бы з-за недахопу месца, адпаведна і "Наша слова" ў выставе не ўдзельнічала.
З сакавіка 2011 года быў зменены рэжым падачы газеты ў друк. Калі раней мы самі ажыццяўлялі вывад на кальку і вазілі калькі ў друкарню, то цяпер газета пасылаецца электроннай поштай у рэжыме PDF. З-за гэтага перыядычна ўзнікаюць праблемы з якасцю.
За справаздачны перыяд міжнародных, дзяржаўных і іншых прэмій газета "Наша слова" не атрымлівала. У 2011 годзе газету "Наша слова" ўзнагародзіў граматай клуб "Спадчына" вёскі Дварэц Дзя-тлаўскага раёна за папуляры-зацыю дзейнасці клуба.
Сайт газеты "Наша слова". Стварыць сайт газеты "Наша слова" мы спрабавалі некалькі разоў. У гэтым нам дапамагала ў асноўным лідская моладзь. Але рэжым арганізацыі дзейнасці кожны раз устанаўліваўся малапрыймальны. Газета - у Лідзе, адміністратар сайта - у Вільні або Санкт-Пецярбурзе, паролі не перадаваліся. Працаваць было крайне складана. Мы паспрабавалі атрымаць сайт цераз сяброўскія структуры, але нам не дапамаглі. У канцы 2010 года на нас выйшаў партал "Інтэрнэт - сталіца", які выдзеліў нам бясплатна старонку аб'ёмам у 1 Мбайт, перадаў пароль. Мы сумелі паставіць туды выяву помніка Скарыны, навучыліся працаваць, але ўмяшацца ў афармленне старонкі і замяніць тыя рускія словы, якія там прысутнічаюць, на беларускія не змаглі. Таму сайт nasha-slovа.mns.by існуе ў тым выглядзе, у якім існуе. На жаль, мы не змаглі выйсці на правайдараў партала. На сайце выстаўляюцца ў рэжыме Word апошнія нумары "Нашага слова". Усе нумары выстаўляюцца на лідскім сайце pawet.net. Гэты ж сайт вядзе выстаўленне ўсяго захаванага архіву "Нашага слова" з 2005 года. Больш раннія нумары не захаваны ў электронным выглядзе. У кампутарах тых часоў элементарна не хапала памяці.
У бліжэйшы час запрацуе паўнавартасны, сучасны сайт ТБМ. Абяцана, што распрацоўшчыкі прадугледзяць магчымасць выстаўлення "Нашага слова" на гэтым сайце. Туды будуць выстаўляцца PDF i Word версіі. Паступова будуць выстаўлены і раннія нумары, якія ёсць. Магчыма, зробім і поўны архіў.
На завяршэнне я прашу прабачэння ва ўсіх, чый матэрыял не пайшоў у друк, чый матэрыял затрымалі, або дапусцілі пры друку якую памылку.Статыстыка: Дададзена Admin — 28 кас 2011, 16:30
]]>